Дакрануцца да вытокаў
Арганізацыя незвычайных вандровак ужо стала добрай традыцыяй нашага прафкама. На гэты раз мы атрымалі цудоўны падарунак — экскурсію ў Смілавічы і Дукору.
Аказваецца, што невялікае мястэчка Смілавічы ведаюць мастацтвазнаўцы ва ўсім свеце, бо тут нарадзіліся вядомыя мастакі Хаім Суцін і Шрага Царфін. Падчас наведвання музея «Прастора Хаіма Суціна» мы даведаліся пра няпросты жыццёвы шлях гэтых мастакоў і пазнаёміліся з гісторыяй Смілавіч. У амаль што французскай кавярні мы паспыталі круасанаў з кубачкам кавы, паслухалі французскую музыку і паглядзелі на рэпрадукцыі карцін мастакоў «Парыжскай школы» — Хаіма Суціна, Шрагі Царфіна, Міхеля Кікоіна, Марка Шагала і Оскара Мешчанінава, якія нарадзіліся на беларускай зямлі.
Непадалёку ад Смілавіч знаходзіцца Дукора. У музейным комплексе «Дукорскі маёнтак» з першых крокаў у нас стварылася ўражанне, што гісторыя ажыла і мы аказаліся непасрэднымі ўдзельнікамі падзей тых часоў, калі гэтымі землямі валодалі Кезгайлы. Паслухаўшы апавяданне пра гісторыю маёнтка, мы далучыліся да старадаўніх рамёслаў у ганчарнай, свячной, саламянай майстэрнях і ў кузні, пазнаёміліся з воінскімі традыцыямі Сярэднявечча. Адна з атмасферных частак «Дукорскага маёнтка» — сярэднявечнае гарадзішча, дзе мы ўбачылі гандлёвую плошчу, зброевую, майстэрні і хаты жыхароў. У парку, які раскінуўся вакол гэтага месца, расце велізарны дуб. Як кажуць людзі, ён ужо 400 гадоў здзяйсняе самыя запаветныя жаданні. Па добрай традыцыі і мы дакрануліся да гэтага патрыярха ў надзеі калі-небудзь зноў сюды вярнуцца.
Л. А. Рамановіч