Экскурсійнае падарожжа, прысвечанае Году малой радзімы, па Магілёўскай і Гомельскай абласцях арганізаваў прафкам супрацоўнікаў універсітэта. Чырвоны бераг, Рагачоў, Быхаў, Баркалабава — кожны з гэтых населеных пунктаў мае багатую гісторыю і сваю адметную культурную спадчыну.

«Гэта наша першае падарожжа ў кампаніі супрацоўнікаў універсітэта, хоць такія экскурсіі прафкам арганізуе пастаянна. Безумоўна, яно вельмі запамінальнае, эмацыйна насычанае і нават у нечым нечакана прыемнае», — адзначае намеснік дэкана факультэта замежных моў Алеся Доўгаль.

Першы пункт вандроўкі — пасёлак Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна. Мемарыял на месцы дзіцячага канцлагера ўсіх узрушыў да слёз. «Скульптура дзяўчынкі з пакутліва скрыжаванымі ў паветры рукамі, пустыя парты ў школьным класе, страшнае пісьмо пятнаццацігадовай Каці Сусанінай з фашысцкай катаргі — і карабель мары з хлапечымі і дзявочымі імёнамі, і вітражы з дзіцячымі работамі, і яблыневы сад за мемарыялам… Жыццё і смерць, памяць і надзея аб’ядналіся ў гэтым месцы, цішыня якога ўражвае мацней за самыя гучныя словы пра мінулую вайну», — распавядае намеснік дэкана факультэта пачатковай і музычнай адукацыі Дзмітрый Доўгаль.

Наступны прыпынак быў у цудоўным палацава-паркавым комплексе Козел-Паклеўскіх (помнік архітэктуры XIX стагоддзя). «Пакоі ў розных стылях з арыгінальнымі столямі (яны захаваліся дагэтуль!), англійскі парк на беразе рачулкі Добасны — усё гэта зачаравала нас, — працягвае дзяліцца ўражаннямі Алеся Валер’еўна. — Нечаканай прыемнасцю стала наведванне Рагачова — горада дзяцінства і юнацтва, месца, дзе жывуць сваякі і сябры. Радасна было бачыць, як усіх уразіла Замкавая гара, з якой відаць не толькі бязмежныя палі, залітыя вадой, але і рог, які даў назву гораду, дзе Друць упадае ў Дняпро. У Быхаве нам давялося пабываць у ваеннай частцы горада, дзе калісьці функцыянаваў адзін з самых значымых для СССР ваенны аэрадром».

Напрыканцы падарожжа прадстаўнікі ўніверсітэта наведалі Свята-Узнясенскі жаночы кляштар. Хоць ён адноўлены зусім нядаўна, у гэтым намоленым месцы адчуваецца подых гісторыі. Маляўнічыя краявіды, мудрыя аповеды манахінь, кляштарная ежа — усё гэта моцна ўсхвалявала кожнага з прысутных. А больш за ўсё — цудадзейная ікона Баркалабаўскай Божай Маці. «Шчыра дзякуем за гэту наддняпроўскую нядзельную прыгоду старшыні прафкама Наталлі Уладзіміраўне Саковіч і старшыні камісіі па культурна-масавай рабоце Аляксандру Рыгоравічу Роскачу», — дадае Алеся Доўгаль.

Фотаздымкі: Васіль Цітоў